ГУ "Республиканский научно-практический центр трансфузиологии и медицинских биотехнологий"
Министерство здравоохранения Республики Беларусь

 

 

Информация донорам

Гэта наш выбар дапамагчы чалавеку

10 сакавіка 2020 года ў Акадэміі кіравання адбыўся Дзень донара, калі кожны жадаючы мог унесці ўклад у выратаванне чалавечага жыцця. Такія мерапрыемствы праводзяцца тут раз у паўгода.

Збор крыві ажыццяўляецца супрацоўнікамі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Як падкрэсліваюць спецыялісты, донарства карысна для здароўя самога донара, таму што адбываецца актывізацыя функцый і сістэм арганізма, выпрацоўваецца ўстойлівасць да кровастраты пры аварыях, апёках, цяжкіх аперацыях, адбываецца разгрузка органаў, якія ўтылізуюць эратрацыты. Пры рэгулярнай данацыі крыві халестэрын у арганізме падтрымліваецца на нізкім узроўні, што зніжае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістай паталогіі, арганізм самаабнаўляецца.

Працэдура здачы крыві адбываецца ў стэрыльна абсталяванай аўдыторыі. Донары здаюць па 450 мл крыві. Гэты аб’ём можа выратаваць жыццё трох чалавек. Кожны донар атрымлівае даведку, якая пацвярджае праходжанне працэдуры, грашовую кампенсацыю за харчаванне, вызваленне ад вучобы ці працы ў дзень збору крыві і дадатковы выхадны па заяве.

Пасля здачы крыві сваімі ўражаннямі падзялілася метадыст Інстытута дзяржаўнай службы Вольга Долбік: «Вырашыла здаваць кроў даўно, але неяк усё не складвалася. У мяне адмоўны рэзус фактар, не вельмі распаўсюджаная група крыві, таму, лічу, мне неабходна дапамагчы людзям, якія маюць патрэбу ў гэтым. Калі нешта здараецца, хочацца ўнесці ўклад і неяк дапамагчы. Сёння нават ганаруся сабой і думаю, што гэта першы, але не апошні мой раз».

− Сёння я ўпершыню здаю кроў. Да гэтага прыйшла яшчэ ў восьмым класе, але вырашыла зрабіць толькі цяпер. Лічу, што гэта не толькі дапамога людзям, але і своеасаблівая барацьба з уласнымі страхамі. Часта здараюцца нейкія непрадбачныя сітуацыі, калі чалавеку неабходна пераліванне крыві. І гэта толькі наш выбар дапамагчы яму выжыць, зрабіць свет крыху лепшым ці застацца ў баку, − падзялілася меркаваннем студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» Кацярына Кулакова.

− Здаю кроў упершыню. Заўсёды лічыла, што донарства – гэта важна: для нас гэта не складана, мы зможам хутка аднавіцца, а якому-небудзь чалавеку наша кроў зможа дапамагчы. Думаю, кожнаму трэба хоць раз паспрабаваць здаць кроў, таму што гэта шанс выратаваць чалавечае жыццё, асабліва калі маеш рэдкую групу крыві. У маім асяроддзі ёсць людзі, якія пастаянна здаюць кроў, пры гэтым часта кажуць пра тое, як гэта важна, − распавяла студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» Валерыя Гукава.

Прэс-цэнтр Акадэміi кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь